SkepSYS (skepsys) wrote,
SkepSYS
skepsys

"Псевдо-Коряга" — праўдзівая гісторыя пра скрадзены Корч і заблукалых авечак

Пэўна! Падмяняць назвы — новы беларускі трэнд. І я нават не пра альбом моднага фатографа, харошы ўсім, акрамя эпатажнай назвы, якая не адпавядае зьместу, не… Тут яшчэ так-сяк можна на мастацкае бачаньне спаслацца. Але ёсьць куды больш цынічныя выпадкі. Напрыклад, нядаўна нейкія клоўны меліся рабіць метал-фэст з экзатычнай назвай Druvis. Па дзіўнаму супадзеньню гэтак называецца традыцыяналісцкі альманах, які выдаецца з 2005 году і рэдакцыя якога каляраднаверскія гурты, што меліся граць на тым фэсьце, бачыла ў белых тапачках.

Ну і зусім сьвяжак. Нейкае мутнаватае прома-агенцыцтва вырашыла манетызаваць наш любімы тусовачны брэнд "Коряга". Выклаўшы болт на арганізатараў аррррыгінальнай "Коряги" і сьведама ўводзячы ў зман і музыкаў і запрошаных гледачоў.


Спачатку варта расказаць, пра што гаворка. Пачнем зь яек.

Гісторыя нашага любімага брэнда такая. Гадоў гэтак з 7 таму камрад Юрась Панкевіч, пачаўшы рабіць дуды, спазнаў тутэйшы дудовы дзэн і вырашыў гэтым дзэнам падзяліцца. Зь ягонай ініцыятывы у адным з паркаў Менску для вытаптваньня газонаў пачала зьбірацца суполка музыкаў і танцораў. Музыкі гралі народныя і сярэднявечныя танцы. На дудах. Танцоры тыя танцы таньчылі. На нагах. Ідылія і пастараль, усе шчасьлівыя. Але паколькі без музыкаў танцавальныя сустрэчы натуральна ня мелі б сэнсу, зборы адбываліся там і тады, дзе вырашалі музыкі, фактычна ўсё — а ня толькі наступны танец — залежала ад іх. Такім чынам, ад самага пачатку сустрэчы трымаліся на музыках гуртоў Testamentum Terrae, Стары Ольса, Келіх Кола, Galiarda і мелі на мэце папулярызацыю перадусім беларускіх народных танцаў. Зьмяніўшы некалькі пляцовак (Купалаўскі сквер, Няміга), тусоўка ў 2006 годзе асела ля сухога карча ў яблыневым садзе непадалёк ад мэтро Ўсход. Там ніхто не зьбіраўся, месца было дзікае і невядомае.

З таго часу ў цёплы сэзон патанцулькі адбываліся штосераду, з вясны па раньнюю восень. За некалькі год вытапталі пляцоўку ды разьнесьлі на трэскі сухі корч, ад якога засталася толькі назва месца — "Коряга", "Корч".


Танцы і людзі — аснова Карча




Хутка месца стала папулярным. "Ці будзе ў сераду Корч?", "Слы, ты ідзеш на Корч?" — гэткя выразы стала ўвайшлі ў слэнг менскай нефармальнай моладзі. Паглядзець, паслухаць, паскакаць ці проста папіць піва пад дуды прыходзілі ня толькі аматары народных танцаў, але і розныя металісты, панкі, ралевікі, байкеры, готы і іншыя эма… Час ад часу зьяўляліся фаершчыкі, каб ужо ў цемры, пасьля танцаў паказаць на людзях сваё майстэрства. Людзі прыводзілі на Корч сваіх сяброў і замежных знаёмцаў, паказвалі ўнікальную зьяву — нязмушаныя народныя танцы на палянцы. "У нас такога няма" — з сумам казалі расейскія і ўкраінскія музыкі. Пра корч здымалі сюжэты для тэлеканалаў, бралі інтэрвію з арганізатарамі, здымалі аматарскія відэаролікі:

Зьява, фэномэн! Асфальтавая гарадзкая моладзь сама, без прымусу і пафасу зьбіраецца таньчыць беларускія (і ня толькі) народныя танцы пад беларускія (і ня толькі) народныя інструманты! Такога няма нідзе, як той казаў. Нельга прапусьціць!

Праўда, і адмоўны бок папулярнасьці і шматлюднасьці выявіўся хутка: пачалі прыходзіць людзі, мякка кажучы, ня ў тэме. Некаторыя вучыліся і ўліваліся, танцуючых станавілася ўсё больш і больш. Але разам з тым зьявіліся і, прабачце, пьяныя абрыганы, якія заміналі танцорам і музыкам, зьявілася засьмечаная бутэлькамі пляцоўка… Мы нават папрасілі камунальшчыкаў сьметніцы ў садзе паставіць, і яны зьявіліся. Тым ня менш, неаднаразова музыкам і танцоркам з гурта Гістрыён пасьля танцаў даводзілася элемэнтарна прыбіраць сьмецьце. Неаднаразова даводзілася рабіць заўвагі натхнёным хлопчыкам з гітаркамі, наконт таго, што вы, дарагія, замінаеце таньчыць сваімі Арыямі і Цоямі. Як правіла, такія пытаньні вырашаліся бесканфліктна. Напрыклад, мадэратары аднаго з метал-форумаў раілі сваім сябрам паводзіцца прыстойна, не пазыцыянаваць Корч як форумныя рэалкі і "паважаць сябе і людзей, хто арганізуе Корч". Бо разумелі, што яны там госьці. Нягласная дамова была такая — тусім на адным месцы, але не замінаем адно аднаму. Камусьці магло падацца, што фолкеры і ўся астатняя тусоўка існуюць асобна. Большасьць з тусоўшчыкаў ужо нават не магла адказаць на пытаньне, чаму месца клічуць "Корч".

Між тым, сёлета меў размовы з ралевікамі і металістамі, маўляў, чаго вы сюды ходзіце са сваімі эльфійскімі шаблямі і бухлом? Чаму менавіта сюды і менавіта ў сераду? "Дык тут жа танцы, не патаньчым дык хоць паслухаем" — адказалі яны. А на просьценькіх танцах кшталту Падушачкі народу сапраўды набівалася з усёй паляны. То бок танцы пад дуды — стрыжань Карча, ад самага пачатку. Разумеючы гэта, цягам некалькіх год дудары туды хадзілі, як на працу, штосераду. Як на прыемную працу.

У 2007 быў утвораны Дударскі клуб — нефармальнае аб’яднаньне дудовых майстроў, музыкаў і аматараў дудаў. Гэта былі тыя ж людзі, што заўсды гралі на Карчы. І з тых часоў рэгулярныя танцавальныя вечарыны пад дуды сталі адбывацца і ў халодны сэзон.
Вечарыны Дударскага клуба ў Бастыёне — працяг Карча


Раз на два тыдні мы зьбіраліся спачатку ў „Катакомбах“, потым некалькі сэзонаў у „Бастыёне“. Вечарыны ствараліся і разумеліся рыхтык як працяг Карча ўзімку, бо рабілі іх тыя ж людзі і тыя ж людзі прыходзілі таньчыць. Клубны фармат вымушаў разьлічвацца за памяшканьне, але гэта вырашылася проста: людзі плацілі за ўваход кошт куфля піва, які і атрымлівалі. Музыкі не атрымлівалі нічога, апрача півасу і задавальненьня (sic!).

Сёлета, з-за пачатку будоўлі на старым месцы, нам давялося пераехаць у другі канец саду, але назва "Корч" натуральна засталася, як засталіся й музыкі. Увосень, па сканчэньні сэзону быў перарыты увесь сад. Так што на наступны год давядзецца шукаць іншае месца, але напрыканцы сэзона гэтае пытаньне было ўжо неактуальна. Пагатоў заставаліся клубныя танцы, якія сёлета меркавалася пачаць са сьнежня.

Падагульнім:
  • з 2003-га — танцы на палянцы ў цёплы сэзон
  • з 2006-га — на пляцоўцы на Ўсходзе, якая ў выніку атрымала назву "Корч"
  • з 2007-га — у клубах у халодны сэзон:
    • 2007-2008 — „Катакомбы“
    • 2008-2009 — „Бастыён“
    • 2009-2010 — „Бастыён“
    • 2010-2011 — Клуб „Сфера“

UPD Дзякуючы вашай падтрымцы, інцыдэнт са спробай прысабечыць Корч вычарпаны. Усё добра. Працяг сэрыялу тут. Гісторыя Карча і сустрэчы Дударскага Клуба працягваюцца :)


Далейшы тэкст і камэнты больш неактуальныя, але пакідаю іх бязь зьменаў — для гісторыі і ў навуку тым, "хто да нас зь мячом прыйдзе"… ;)



І тут — бабах! — прыз-сюрпрыз. Нейкія левыя людзі пафасна абвяшчаюць аб "Возрождении Коряги"! А калі яны пасьпелі яе забіць?
Дорогие друзья, на протяжении многих лет мы с огромным удовольствием собирали на «Коряге» возле Библиотеки. Но по некоторым обстоятельствам делать мы этого больше не можем. А «Коряга» остается ЖИВА!
И если есть желание, все препятствия рушатся, словно карточные домики! Поэтому, не изменяя традициям, «Коряга» будет проводиться в уютном помещении, в центре города, с нашей любимой музыкой и…каждую среду!


Клёва, праўда? Хто такія? Навошта пахавалі Корч? Якое права маюць карыстацца імем, да якога ня маюць дачыненьня?

Самі арганізатары псэўда-Карча нехта "молодая промо-группа ††† Asylum group †††" (ага, вось так, з крыжыкамі) паводзяцца неадэкватна: пры тэлефанаваньні тлумачыць нічога ня хочуць, на канкрэтныя пытаньні "Якое вы маеце дачыненьня да арганізацыі Карча? (як напісана ў профілі сустрэчы)" адказваюць адключэньнем камэнтаў (сьцяны)… Дзіцячы садок, далібог. Паказальна, што і запрошаныя туды музыкі ні сном ні духам пра Корч ня ведаюць, ніколі там не былі і ім увогуле шчыра да лямпачкі. Дый з фарматам абы што. Пэган-металісты, фолк-рок ад Крыса… Пры тым нехта Жанна Чернецкая (ху із?) заяўляе, што арганізатары некалькі год наведвалі і ў курсе пра фармат Карча. Бугага. А замест адказаў на канкрэтныя пытаньне "што асабіста вы зрабілі для хіп-хопа", пацыентка гістэрычна патрасае заканадаўствам:
чтобы прекратить полемику на тему "дударски клуб - цари и боги, а все остальные - так, пришей кобыле хвост" прошу обратить внимание на один факт:
СОГЛАСНО ЗАКОНОДАТЕЛЬСТВУ РБ ОБ АВТОРСКОМ ПРАВЕ, НАЗВАНИЯ ОТЛИЧАЮЩИЕСЯ НА ТРИ И БОЛЕЕ СИМВОЛОВ СЧИТАЮТЬСЯ НЕЗАВИСИМЫМИ ДРУГ ОТ ДРУГА
ТАК КАК НАШЕ МЕРОПРИЯТИЕ НАЗЫВАЕТСЯ NEW Коряга - ВОПРОС СЧИТАЮ ЗАКРЫТЫМ!!!!!


Дык назавіцеся "псэўда-Корч", ня схлусіце. Дадйце шэсьць літар, і такі праўдзівы сэнс адразу.

Вось сустрэча ў кантахціку: http://vkontakte.ru/event21542513. На яе заявіліся ўжо больш за 500 чалавек. Чувакі сур’ёзна піярацца, таму паліўныя зьвесткі на сьцяне сустрэчы ім пэўна недарэчы.

Здавалася б, чо дударам кіпішыць? Нібыта ўсё няблага: тусавацельныя вечарыны, прыймальныя кошты, вялікі клуб, музыкам абяцаюць ганарары… Толькі вось бяда — назву падтырылі, фармат сказілі. Шмат народу ў Менску ведаюць што значыць слова "Коряга". Вядомы брэнд, раскручаны. І пофігу, што іншыя людзі на гэта некалькі год працавалі. А назваіце вечарыны іначай — ніхто й ня прыйдзе. Карацей, па факце маем непрыгожую, гідкую спробу манетызацыі чужога здабытку. Пры тым хіба складана было папярэдне зьвязацца з арганізатарамі Карча, з музыкамі што там граюць шмат год?  Не хаміць, не хавацца, не адключаць камэнты…

Але дзяўчынка Жанна, відаць, не разумее. Не, заканадаўча тут усё чыкі — як сапраўды можна прысабечыць назву паляны, якой нават ужо не існуе? Толькі тут вядзецца пра элемэнтарную прыстойнасьць і павагу. Мы ж адкрытыя для супрацы. Толькі прысабечваць арганізацыю Карча і скажаць фармат не дамо нікому.

Бо сапраўдны Корч — гэта найперш народныя танцы пад дуды, ды людзі, якія шмат год гэтыя вечарыны ладзілі і ладзяць. Кропка.

Таму, пакуль "маладая прома-група" не падумае над сваімі паводзінамі — не са злосьці, але "токма дабы вразумить заблудших агнцев" —прашу ўсіх сябраў Дударскага клубу, усіх тых, хто ведае і любіць Корч, народныя танцы, наведваў вечарыны ў Катакомбах і Бастыёне ня ўдзельнічаць у гэтым крадзяжы. Вы памятаеце, як мы разам абаранілі дудара Алеся Лася, калі ён меў праблемы. Дык давайце зараз абаронім Корч, нашу "Корягу" — унікальную насамрэч зьяву гарманічнага пранікненьня традыцыйнай культуры ў гарадзкое асяродзьде! 

Асобна хочацца зьвярнуцца да калегаў-музыкаў, якіх "маладая-прома група" будзе запрашаць. Уявіце сябе на нашым месцы, калі імем, умоўна кажучы, нашага прыўкраснага калехціву прыкрываюцца левыя абсалютна людзі. Вам абяцаюць ганарары, я разумею. Але пытаньне ў тым, колькі каштуе вашае сумленьне.

Я сур’ёзна прашу — а прашу я рэдка — аб распаўсюдзе гэтай інфармацыі.
І загадзя дзякую за падтрымку.
Tags: дударства, парнічок, фтоп
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 41 comments
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →